Серафім Антонавіч Андраюк

Серафім Антонавіч Андраюк – крытык, літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1966). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Крываносаўскай сярэдняй школы Старадарожскага раёна (1957 – 1962), навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН Беларусі (1966 – 1981), галоўным рэдактарам (з 1981 г.) і дырэктарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1993 – 1997). Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры НАН Беларусі (1999 – 2008). Даследуе сучасную беларускую літаратуру. Аўтар манаграфій і зборнікаў артыкулаў "Жыццё. Літаратура. Героі" (1973), "Вывяраючы жыццём"(1976), "Традыцыі і сучаснасць" (1981), "Жыць чалавекам" (1983, Літаратурная прэмія імя Івана Мележа за 1984 г.), "Чалавек на зямлі: Нарыс творчасці Івана Пташнікава" (1988), "А жыццё – вышэй за ўсё" (1992), "Пісьменнікі. Кнігі" (1997). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1994).

Юрый Міхайлавіч Бабіч

Юрый Міхайлавіч Бабіч – даследчык мовы. Кандыдат філалагічных навук (1999). Закончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1990), аспірантуру пры Віцебскім дзяржаўным
універсітэце імя П. М. Машэрава (1995). Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ. Аўтар манаграфіі “Колеравая і светлавая эстэтыка ў мове твораў Якуба Коласа” (2002), шэрагу іншых навуковых прац па праблеме колераабазначэння ў мастацкім тэксце.

Алена Міхайлаўна Багамолава

Алена Міхайлаўна Багамолава – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1995). Прафесар кафедры філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Аўтар манаграфіі "Дэрывацыя і функцыя экспрэсіўных прыметнікаў у мове народна-паэтычных твораў" (2005), навучальных дапаможнікаў "Практычная стылістыка"(1996), "Функцыянальная стылістыка" (2003), "Беларуская мова і чытанне: Інтэграваны курс" (у суаўтарстве, 2004), "Культура мовы" (у суаўтарстве, 2006), а таксама шэрагу навуковых артыкулаў.

Алесь Іванавіч Бельскі

Алесь Іванавіч Бельскі – літаратуразнаўца, крытык, педагог. Доктар філалагічных навук (1998), прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2002). Аўтар кніг “Пакуль баліць душа” (1995), “Жывая мова краявідаў” (1997), “Сучасная беларуская літаратура” (1997), “Свет ад травы да зор” (1998), “Краса і смутак” (2000), “Сучасная літаратура Беларусі” (2000), “Экалогія душы” (2003), “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: гісторыя і сучаснасць” (2005), “Класікі і сучаснікі ў школе” (2005), “Галасы і вобразы” (2008), звыш 400 публікацый у друку. Адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (2003, т. 4, кн. 2), вучэбных дапаможнікаў “Беларуская літаратура: ХI – ХХ стст.” (1999, 2-е выд. – 2001), “Беларуская літаратура. 5 клас” (2002, 2003), “Беларуская дзіцячая літаратура” (2008), “Беларуская літаратура. 10 клас” (2009), “Беларуская літаратура. 11 клас” (2009) і інш. Пад псеўданімам Алесь Ветах выступае як празаік. Выдаў кнігі “Ружовая знічка” (1994), “Хроніка смутку” (1999, Літаратурная прэмія імя Івана Мележа), адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў “Карані” (1994), “Вальс пад журлівымі таполямі” (2008), “У Храме зямнога кахання” (2009).

Таццяна Іванаўна Вабішчэвіч

Таццяна Іванаўна Вабішчэвіч – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (2007), старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ – ХХІ стст. Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар кнігі “Станаўленне нацыянальнай паэ­тычнай традыцыі (1900 – 1910‑я гг.): фактары, механізмы, этапы” (2009).

Пятро Васільевіч Васючэнка

Пятро Васільевіч Васючэнка – літаратуразнаўца, пісьменнік. Кандыдат філалагічных навук (1983). З 1984 да 1997 г. працаваў малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі. З 1997 г. – загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Аўтар літаратуразнаўчых манаграфій “Драматургія і час” (1991), “Драматургічная спадчына Янкі Купалы” (1994), “Пошукі страчанага дзяцінства” (1995), “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм” (2004), зборніка літаратурна-крытычных прац “Адлюстраванні першатвора” (2004), вучэбнага дапаможніка “Сучасная беларуская драматургія” (2000), зборнікаў прозы “Белы мурашнік” (1993), “Прыгоды аднаго губашлёпа” (1999), зборніка п’ес “Маленькі збраяносец” (1999), кніг казак “Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” (1997), “Каляровая затока” (2008), ста васьмідзесяці літаратуразнаўчых артыкулаў, рэцэнзій, эсэ.

Ганна Міхайлаўна Валочка

Ганна Міхайлаўна Валочка – загадчык лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. Доктар педагагічных навук (2008). Аўтар манагарафіі “Тэарэтыка-метадычныя асновы развіцця звязнага маўлення вучняў на ўроках беларускай мовы: 5 – 10 класы”, аўтар і суаўтар шматлікіх вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай мове для агульнаадукацыйных устаноў: “Беларуская мова ў табліцах і схемах” (1997), “Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 7 класа” (2009), “Навучанне перакладу ў школе” (1999), “Методыка выкладання беларускай мовы: вучэбны дапаможнік для студэнтаў” (2007), “Беларуская мова: дапаможнік для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання (2010) і інш.

Алена Уладзіміраўна Вострыкава

Алена Уладзіміраўна Вострыкава – літаратуразнаўца, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук (1998). Дацэнт кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў “Гісторыя чэшскай літаратуры ІІ паловы ХІХ стагоддзя” (2002), “Польская і чэшская паэзія памежжа ХІХ – ХХ стагоддзяў” (у суаўтарстве з М. Хмяльніцкім; 2004), “Чэшская літаратура: вернутыя імёны” (2005), “Чэшская літаратура памежжа ХІХ – ХХ стагоддзяў” (2008), шматлікіх навуковых і навукова-метадычных публікацый.

Вольга Максімаўна Галай

Вольга Максімаўна Галай – даследчык моў. Кандыдат філалагічных навук. Дацэнт кафедры нямецкай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1964). Выкладала беларускую і нямецкую мовы ў школах Брэстчыны і Міншчыны. З 1969 г. – у БДУ. Аўтар шматлікіх прац па методыцы выкладання нямецкай мовы.

Ірына Алегаўна Гапоненка

Ірына Алегаўна Гапоненка – даследчык мовы. Доктар філалагічных навук. Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1990) і аспірантуру пры гэтай навучальнай установе (1993). Дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ. Даследуе пытанні станаўлення графіка-арфаграфічнай, лексічнай і анамастычнай сістэм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Віктар Вячаслававіч Жыбуль

Віктар Вячаслававіч Жыбуль – даследчык літаратуры. Кандыдат філалагічных навук (2003). Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000), аспірантуру пры ім (2003). Працаваў у рэдакцыях часопісаў “Першацвет”, “Роднае слова”, “Arche”. Аўтар зборнікаў паэзіі. Цяпер вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Эмануіл Рыгоравіч Іофе

Эмануіл Рыгоравіч Іофе – гісторык, палітолаг, сацыёлаг, культуролаг, літаратуразнаўца, педагог, доктар гістарычных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцяў. Прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Аўтар каля 1800 прац, у тым ліку навуковых артыкулаў па беларускай гістарыяграфіі, гісторыі навукі і культуры, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, па гісторыі беларускіх яўрэяў. Аўтар і суаўтар 46 кніг, сярод якіх “Страницы истории евреев Беларуси” (1996), “Белорусские евреи: Трагедия и героизм. 1941 – 45” (2003), “От Мясникова до Малофеева: Кто руководил БССР” (2008), “Высшее партизанское командование Белоруссии. 1941 – 1944” (2009). Суаўтар кніг “Акадэмік У. І. Пічэта” (1981), “Асновы паліталогіі” (1991), “Канцэпцыя нацыянальна-культурнага развіцця нацыянальных меншасцяў Беларусі” (1996).

Віктар Іванавіч Іўчанкаў

 Віктар Іванавіч Іўчанкаў – доктар філалагічных навук, прафесар. Мовазнаўца і журналіст. З 1989 г. працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (спачатку на пасадзе дацэнта, з 1996 г. – загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта). Аўтар больш як 250 навуковых і метадычных прац, у тым ліку сямі манаграфій. Змясціў на старонках друку больш як за 200 публіцыстычных матэрыялаў па праблемах адукацыі, навукі і выхавання. З 1990 г. актыўна друкуецца ў прэсе па праблемах правапісу ("Чырвоная змена", "Звязда", "Народная газета", "Настаўніцкая газета", "СБ. Беларусь сегодня", "Літаратура і мастацтва", "Крыніца", "Роднае слова", "Беларуская мова і літаратура", "Пачатковая школа", "Пралеска" і інш.). Займаецца даследаваннем стылістыкі беларускай і рускай моў, прысвяціў манаграфіі вывучэнню стыляў Уладзіміра Караткевіча і рускага пісьменніка Юрыя Казакова. Фундаментальная праца "Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту" паклала пачатак фарміраванню ў галінах журналістыкі і лінгвістыкі самастойнага навуковага адгалінавання – лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту. Заснавальнік на Беларусі навуковай школы дыскурснага аналізу СМІ. Член Беларускага саюза журналістаў. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь.

Святлана Уладзіміраўна Калядка

Святлана Уладзіміраўна Калядка – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1999). Закончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (1993), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1996).Цяпер старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. Аўтар манаграфіі “Непрыручаная птушка Палесся: Творчая індывідуальнасць Яўгеніі Янішчыц” (2007). Адна з аўтараў калектыўных манаграфій “Сучаснае беларускае літаратуразнаўства: Сістэма каштоўнасцей і прыярытэтаў” (2006), “Літаратура пераходнага перыяду: Тэарэтычныя асновы гісторыка-літаратурнага працэсу” (2007).

Алесь Аляксандравіч Каўрус

Алесь Аляксандравіч Каўрус – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1965). Закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1959). Працаваў настаўнікам на Мядзельшчыне (1959 – 1962), старшым выкладчыкам Мазырскага педінстытута (1965 – 1968), старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН Беларусі (1968 – 1974), рэдактарам выдавецтва "Народная асвета" (1974 – 1981), дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (1982 – 2006). Даследуе мову мастацкай літаратуры і сродкаў масавай інфармацыі, беларускую тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар больш як 250 навуковых публікацый, у тым ліку кніг "З крыніц народнай мовы" (1968), "Стылістыка беларускай мовы" (1980, 2-е выд. 1987, 3-е выд. 1992), "Культура слова" (1983), "Слова наша роднае" (1986), "Мова народа, мова пісьменніка" (1989), "Дакумент па-беларуску" (1994), суаўтар (з М. Круталевічам) навучальнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ "Стараславянская мова" (2005).

Ганна Іванаўна Кулеш

Ганна Іванаўна Кулеш – мовазнаўца. Доктар філалагічных навук. Дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыла БДУ (1977). Займаецца пытаннямі гісторыі беларускай літаратурнай мовы, лексікалогіі, культуры мовы. Аўтар больш як 90 публікацый. Суаўтар хрэстаматыі для студэнтаў філалагічных факультэтаў “Гісторыя беларускага мовазнаўства (1918 –1941)”, дапаможнікаў для старшакласнікаў і абітурыентаў “Рэпетытар па беларускай мове: фанетыка, арфаэпія і правапіс” і “Рэпетытар па беларускай мове: марфалогія і правапіс”.

Наталля Пятроўна Лобань

Наталля Пятроўна Лобань – даследчык мовы. Кандыдат філалагічных навук (1996). Закончыла філалагічны факультэт (1987) і аспірантуру (1991) Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Займаецца даследаваннем мовы мастацкіх твораў, семантыкі слова і яго дадатковых, канатацыйных значэнняў, а таксама пытанняў культуры маўлення.

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец  – мовазнаўца. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009), доктар філалагічных навук (2001), прафесар (2003). Старшыня Беларускага (з 2003 г.) і Міжнароднага (2008 – 2013) камітэтаў славістаў. Займаецца даследаваннем беларускага і славянскага словаўтварэння, праблемамі развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў ХХ ст., сучаснымі працэсамі ў сістэме беларускай літаратурнай мовы, пытаннямі сацыялінгвістыкі і ўзаемадзеяння моў. Аўтар больш як 300 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, 4 слоўнікаў. Лаўрэат прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2001 і 2011 гг.

Ева Аляксандраўна Лявонава

Ева Аляксандраўна Лявонава – даследчыца беларускай і сусветнай лiтаратуры ХIХ – ХХ стст. Кандыдат фiлалагiчных навук. Прафесар кафедры замежнай лiтаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Аўтар кнiг “Плынi i постацi: З гiсторыi сусветнай лiтаратуры другой паловы ХIХ – ХХ стагоддзяў” (Мінск, 1998), “Агульнае і адметнае: Творы беларускіх пісьменнікаў ХХ ст. у кантэксце сусветнай літаратуры” (Мінск, 2002), “Немецкая литература ХХ века: Германия. Австрия” (М., 2010), “Беларускае мастацтва слова ХХ ст. у еўрапейскім літаратурным кантэксце: Тыпалогія. Рэцэпцыя. Пераклад” (Мінск, 2014), вучэбных дапаможнікаў “Мировая литература первой половины ХХ века” (Мінск, 1997, 1998), “Мировая литература второй половины ХХ века” (Мінск, 1999), адна з аўтараў калектыўнай манаграфіі “Австрийская литература ХХ века: в 2 т.” (М., 2009 – 2010), вучэбнага дапаможнiка для студэнтаў “История зарубежной литературы: Вторая половина ХIХ – начало ХХ в.” (Мінск, 1997) і інш.

Валерый Аляксандравіч Максімовіч

Валерый Аляксандравіч Максімовіч – літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук. З 1992 г. працаваў у БДУ дацэнтам кафедры беларускай літаратуры XX ст. У 2003 – 2006 гг. – першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2006 г. – в. а. дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук. Цяпер в. а. намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута філасофіі НАН Беларусі. Даследуе беларускую літаратуру пачатку XX ст. Аўтар манаграфій “Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.” (2000), “Беларускі мадэрнізм: эстэтычная самаідэнтыфікацыя літаратуры пачатку XX ст.” (2001) і іншых, шэрагу дапаможнікаў.

Святлана Сяргееўна Мароз

Святлана Сяргееўна Мароз – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук (2001). Закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1984). Працавала настаўнікам у СШ № 123 г. Мінска, асістэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З 2002 г. – дацэнт гэтай кафедры. Даследуе пытанні функцыянальнай граматыкі.

Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч

Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч – літаратуразнаўца, крытык. Кандыдат філалагічных навук (1990), дацэнт. Загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Працаваў у Рэчанскай сярэдняй школе Любанскага раёна (1982), Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы (1987 – 2005). Аўтар кніг і брашур “Максім Танк і сучасная беларуская лірыка” (1994), “На зломе часу” (1995), “Пошук вядзе ў глыбіню” (1998), “Максім Танк: на скразняках стагоддзя” (1999), “Паэзія рэчаіснасці” (2001), “Міхась Васілёк: паэзія давераснёў­скага перыяду” (2005), “Паэзія Казіміра Сваяка” (2005), “Міхась Машара: паэзія заходнебеларускага перыяду” (2010) і інш.

Аляксандр Аляксандравіч Павільч

Аляксандр Аляксандравіч Павільч – даследчык літаратуры, культуролаг. Доктар культуралогіі. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1997), аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі
(2000). Дацэнт кафедры культуралогіі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Вывучае праблемы параўнальнага аналізу культуры, педагагічны аспект твораў рэлігійнага пісьменства эпохі Сярэдня¬вечча, пытанні культуралагічнай інтэрпрэтацыі старажытнай літаратуры і методыкі яе выкладання.

Дзмітрый Дзмітрыевіч Паўлавец

Дзмітрый Дзмітрыевіч Паўлавец – мовазнавец, гісторык мовы. Закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны (1976). Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Займаецца пытаннямі гісторыі беларускай літаратурнай мовы, нацыянальнай тэрміналогіі, тапанімікі.

Ала Мікалаеўна Петрушкевіч

Ала Мікалаеўна Петрушкевіч – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1993). Дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Закончыла беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1992). Аўтар кніг “Пра творы і творцаў: літаратурна-крытычныя артыкулы” (2002), “Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя” (2009) і інш., шэрагу метадычных дапаможнікаў, больш як 150 навуковых прац, а таксама паэтычнага зборніка “Пярсцёнак” (1997).

Вольга Уладзіміраўна Праскаловіч

Вольга Уладзіміраўна Праскаловіч – доктар педагагічных навук, дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі
выкладання мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дактарант НМУ “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дырэктар Вучэбнага цэнтра філалагічных паслуг філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Займаецца праблемамі методыкі выкладання літаратуры, рыторыкі ў агульнаадукацыйных установах і ВНУ. Аўтар каля 100 артыкулаў у айчынным і замежным на­вуковым друку і шэрагу вучэбна­-метадычных дапаможнікаў для студэнтаў, метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў, дыдактычных матэрыялаў для вучняў.

Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч

Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч – мовазнаўца. Доктар філалагічных навук. Загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь. Апублікаваў каля 300 навуковых прац, у тым ліку кнігі “Шчодрасць слова” (1990), “Старабеларускі лексікон” (1997; з Г. Цівановай), “Гістарычная граматыка беларускай мовы: Зборнік практыкаванняў” (1999, з У. Анічэнкам), “Словаскладанне ў беларускай мове” (2000), “Пішам без памылак: Разам, асобна, праз дэфіс” (2002), “Беларускае мовазнаўства” (2006), “Герман Бідэр як даследчык беларускай мовы” (2007, у суаўтарстве), “Слоўнік сучаснай беларускай мовы” (2009, у суаўтарстве) і інш. Аўтар і суаўтар тыпавых праграм па вучэбных курсах гісторыка-лінгвітычных дысцыплін.

Марына Сяргееўна Ржавуцкая

Марына Сяргееўна Ржавуцкая – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук (2000). Закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1984). Настаўнічала ў Мінску, працавала асістэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З 2004 г. – дацэнт гэтай кафедры. Даследуе пытанні мастацкага перакладу з блізкароднасных моў.

Аліна Эдмундаўна Сабуць

Аліна Эдмундаўна Сабуць – дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук (1998), дацэнт. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Даследуе праблемы развіцця сучаснай беларускай паэзіі, рэцэпцыі беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай.

Ірына Уладзіміраўна Савіцкая

Ірына Уладзіміраўна Савіцкая – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук. Закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (1998) і аспірантуру пры ім (2002). Дацэнт кафедры беларускай і рускай моў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Людміла Дзмітрыеўна Сінькова (Корань)

Людміла Дзмітрыеўна Сінькова (Корань) – літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук (1997), прафесар. З 1999 да 2004 г. загадвала кафедрай беларускай літаратуры ХХ ст. у БДУ. Працуе на пасадзе прафесара кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ, таксама ў вучоных саветах па абароне дысертацый у галінах літаратуразнаўства, тэорыі і методыкі навучання і выхавання. Мае каля 200 навуковых публікацый, сярод якіх “Беларуская проза ХХ ст.: Дынаміка жанравых структур” (1996), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў “Цукровы пеўнік” (1996), “Паміж тэкстам і дыскурсам: беларуская літаратура XX – XXI стст.: гісторыя, кампаратывістыка і крытыка” (2013); вучэбныя дапаможнікі ў суаўтарстве: “Святло слова: дапаможнік па лінгвакультуралогіі” (2002), “Шлях па прамой часу. Да гісторыі беларускай літаратуры Польшчы: 1958 – 2008” (2007), “Беларуская літаратура ХХ ст.: біяграфіі, бібліяграфія, літаратурная крытыка” (2008), “Сямнаццатай вясной: зборнік сучаснай беларускай прозы і крытыкі” (2010, 2011); аўтар праграм, вучэбных дапаможнікаў і хрэстаматый па гісторыі беларускай літаратуры для школьнікаў, студэнтаў.

Аляксей Васільевіч Солахаў

Аляксей Васільевіч Солахаў – мовазнаўца. Кандыдыт філалагічных навук (1992). Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. Аўтар кніг “Займальна ад А да Я” (2004), “Займальны матэрыял па беларускай мове” (2007), “Словаўтварэнне” (2008). Матэрыялы Аляксея Солахава друкуюцца на старонках “Роднага слова” з 1997 г.

Таццяна Яўгенаўна Старасценка

Таццяна Яўгенаўна Старасценка – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук (2001). Закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (1993). Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Даследуе пытанні стылістыкі беларускай мовы.

Анатоль Віктаравіч Трафімчык

Анатоль Віктаравіч Трафімчык – літаратуразнаўца, гісторык. Закончыў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (2001), аспірантуру Інстытута еўрапейскіх даследаванняў НАН Украіны (2003), паліталагічны курс Студый усходніх пры Варшаўскім універсітэце (2008). Працаваў на пасадах дацэнта і старшага выкладчыка кафедры філасофіі і гісторыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (2004 – 2007), старшага навуковага супрацоўніка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа (2009 – 2012). У 2012 – 2015 гг. – навуковы супрацоўнік аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2015 г. вучоны сакратар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАНБ. Аўтар трох зборнікаў вершаў, кнігі “1939 год і Беларусь: забытая вайна” і інш.

Мікола Валянцінавіч Трус

Мікола Валянцінавіч Трус – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (2000), дацэнт (2004).  У 1998 – 2000 гг. – дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Памочнік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2002). Двойчы стажыраваўся ва Універсітэце Я. А. Коменскага ў Браціславе. З 1996 да 2011 г. працаваў у БДУ. Займаецца параўнальным літаратуразнаў­ствам, даследуе гісторыю літаратур і культур славянскіх народаў, беларускую літаратуру ў агульнаславянскім кантэксце, праблемы ўдасканалення навучальнага працэсу пры выкладанні літаратуразнаўчых дысцыплін у сярэдніх школах і ВНУ. Аўтар-складальнік (у суаўтарстве) прац “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча” (1996, 1997), “Югаславянскія літаратуры і культуры: вучэбны дапаможнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў” (1999). Навуковы рэдактар, адзін са складальнікаў энцыклапедыі “Максім Багдановіч” (2011). Аўтар некалькіх навучальных дапаможнікаў, каля 200 артыкулаў у айчынных і замежных навуковых выданнях.

Галіна Казіміраўна Тычко

Галіна Казіміраўна Тычко  – літаратуразнаўца. Доктар навук, прафесар. Стажыравалася ў Беластоцкім універсітэце на кафедры літаратуры асветніцтва і рамантызму (2000), у Стакгольмскім FOJO media institute (2004). Працавала ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Полымя”. З 1995 г. – у БДПУ імя М. Танка на пасадзе дацэнта кафедры беларускай літаратуры. З 2002 г. дацэнт, а потым прафесар кафедры сацыялогіі журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ. У студзені 2005 г. атрымала вучонае званне прафесара. З 2006 г. загадчык кафедры беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. З кастрычніка 2013 г. прафесар кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ. Член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Навуковыя інтарэсы: беларусістыка, паланістыка, кампаратывістыка, міжкультурная камунікацыя.

Таццяна Адамаўна Фіцнер

Таццяна Адамаўна Фіцнер – літаратуразнаўца. Дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Кандыдат філалагічных навук (2001). Аўтар кнігі “Гендарны аспект у беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (2005), публікацый у рэспубліканскай перыёдыцы (“Роднае слова”, “Літаратура і мастацтва”, “Полымя”, “Беларуская літаратура”). Сфера навуковых інтарэсаў: гісторыя беларускай літаратуры XIX – XX стст., гендарныя праблемы ў беларускай літаратуры, псіхалогія літаратурнай творчасці.

Мікалай Мікалаевіч Хмяльніцкі

Мікалай Мікалаевіч Хмяльніцкі – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыў філалагічны факультэт БДУ (1992), аспірантуру пры гэтай установе (1995). З 1995 г. працуе ў Белдзяржуніверсітэце. Выкладае польскую літаратуру, даследуе міжлітаратурныя сувязі, тыпалогію творчасці, праблемы нацыянальнага і ўніверсальнага ў польскім пісьменстве. З 1998 да 2001 г. выкладаў гісторыю славянскіх літаратур ва ўніверсітэце Гранады (Іспанія). Аўтар даследавання “Адам Плуг – пісьменнік беларуска-польскага літаратурнага сумежжа” (1998), вучэбнага дапаможніка “Польская драматургія ХХ стагоддзя” (2008), апублікаваў больш як 70 навуковых артыкулаў у айчынным і замежным друку.

Ігар Міхайлавіч Шаладонаў

Ігар Міхайлавіч Шаладонаў – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (2002). Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. Закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (1986), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1992). Аўтар манаграфіі “Выпрабаванне чалавечнасці: беларускае апавяданне 20-х гадоў аб рэвалюцыі і грамадзянскай вайне” (2008), апублікаваў каля 70 навуковых артыкулаў.

Таццяна Іванаўна Шамякіна

Таццяна Іванаўна Шамякіна – літаратуразнаўца, крытык, культуролаг, доктар філалагічных навук (2001), прафесар. Выкладае ў БДУ. Загадвала кафедрай беларускай лінгвістыкі і міфалогіі (2000 – 2004), з 2004 г. – загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры. Даследуе тэорыю літаратуры, гісторыю культуры, міфалогію. Аўтар кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў “На лініі перасячэння” (1981), навучальнага дапаможніка “Міфалогія Беларусі” (2000), манаграфіі “Беларуская класічная літаратура і міфалогія” (2001), суаўтар шэрагу дапаможнікаў і падручнікаў. Узнагароджана медалём Францыска Скарыны.

Нона Эдмундаўна Шандроха

Нона Эдмундаўна Шандроха  – дацэнт кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кандыдат педагагічных навук (1998). Аўтар дапаможнікаў “Экспрэсіўны сінтаксіс” (2002), “Прафесійнае маўленне гісторыка: камунікатыўны аспект” (2007), “Рыторыка: тропы і фігуры маўлення” (2009), “Педагагічная практыка студэнтаў па беларускай мове і літаратуры” (у суаўтарстве) (2010). Даследуе праблемы красамоўства, экспрэсіўнай стылістыкі, маўленчай камунікацыі і методыкі выкладання беларускай мовы.

Наталля Васільеўна Шаранговіч

Наталля Васільеўна Шаранговіч – мастацтвазнаўца. Дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Старшыня секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства Беларускага саюза мастакоў. Лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Аўтар манаграфічных і мастацтвазнаўчых выданняў пра беларускіх мастакоў, а таксама пра сучасную беларускую скульптуру і жывапіс.

Ірына Міхайлаўна Шумская

Ірына Міхайлаўна Шумская – кандыдат культуралогіі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў; стыпендыянтка праграмы “Gaude Polonia” Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча. Даследуе праблемы развіцця музычнай культуры і спецыфіку яе ўзаемадзеяння з сацыяльнымі працэсамі. Аўтар манаграфіі і шматлікіх навуковых артыкулаў па названых праблемах.

Мікалай Георгіевіч Яленскі

Мікалай Георгіевіч Яленскі – мовазнаўца, метадыст. Намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, прафесар кафедры беларускага і рускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар. Аўтар больш як 140 публікацый па праблемах навучання беларускай мове. Сярод іх: манаграфіі (“Асобасны падыход у методыцы навучання беларускай мове”, 1997; “Лігвадыдактычная парадыгма асобасна арыентаванага навучання мове ў сучаснай школе”, 2002), вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў універсітэтаў (“Методыка выкладання беларускай мовы. Сучасная лінгвадыдактыка”, 2004; “Методыка выкладання беларускай мовы. Практыкум, 2006, у суаўтарстве; “Методыка выкладання беларускай мовы”, 2007, у суаўтарстве), вучэбна-метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў (“Развіццё вуснай мовы вучняў”, 1985; “Выкладанне беларускай мовы ў школе”, 1994, у суаўтарстве) і інш.