Прывітанне

Паважаныя аўтары і чытачы “Роднага слова”!
        Наш часопіс мае багатую гісторыю, трывалыя традыцыі і адметны стыль. Дзякуючы прафесіяналізму супрацоўнікаў рэдакцыі, вашай зацікаўленасці кожны нумар ствараецца з вялікай павагай да роднага беларускага слова, шчырым клопатам пра захаванне спадчыны і духоўных здабыткаў нашага народа.
          На старонках часопіса дзеляцца вопытам, арыгінальнымі ідэямі і цікавымі знаходкамі самыя дасведчаныя педагогі краіны. Вучням і настаўнікам, студэнтам, аспірантам, прафесійным вучоным мы прэзентуем найлепшыя літаратуразнаўчыя, мовазнаўчыя, культуралагічныя працы.
          “Роднае слова” называюць сапраўднай энцыклапедыяй, бо на яго старонках заўсёды прадстаўлены матэрыялы з розных галін навукі: філалогіі, культуралогіі, мастацтвазнаўства, педагогікі. Менавіта па гэтых спецыяльнасцях часопіс адносіцца да ліку рэцэнзаваных выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
         Унікальнасць навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” сярод іншых профільных выданняў – у яго тэматычнай разнастайнасці, належным навуковым узроўні, актуальнасці праблематыкі публікацый, высокай культуры беларускага слова.
         Дарагія сябры! Усе намаганні роднасловаўцаў накіраваны на захаванне традыцыйных каштоўнасцей, умацаванне патрыятызму і нацыянальнай годнасці, павышэнне прафесійнага майстэрства настаўніка.
         Больш за 20 гадоў плённай працы ў інфармацыйна-культурнай прасторы краіны прынеслі часопісу агульнапрызнаны аўтарытэт аднаго з актыўных праваднікоў беларускай дзяржаўнай ідэалогіі, навуковай і педагагічнай думкі.
           Будзем жа разам і надалей аддана служыць роднаму слову і Беларусі.
                                                                                                                           З павагай Зоя Падліпская

Экспрэс-апытванні

Навукова-метадычны часопіс "Роднае слова" вядомы
Беларусі
Расіі
Украіне
Адказаць
Вы проголосовали

Навiны

16 мая 2012
15 мая 2012 г. супрацоўнікі часопіса “Роднае слова” ўзялі ўдзел у прэзентацыі “Вялікага слоўніка беларускай мовы” Фёдара Піскунова, якая адбылася на філалагічным факультэце БДУ.
Некаторыя матэрыялы слоўніка праходзілі апрабацыю на старонках часопіса (№№ 1, 5, 7, 11 за 2010 г.; №№ 5, 8 за 2011 г.). “Вялікі слоўнік беларускай мовы” – вынік шматгадовай працы аўтара – утрымлівае каля 223 тысяч рэестравых адзінак і з’яўляецца найбольш поўным зводам лексікі сучаснай беларускай мовы. Слоўнік створаны на аснове адмысловай электроннай базы, што адлюстроўвае больш за 70 млн словаўжыванняў з 2300 літаратурных крыніц. Выданне адрасуецца як спецыялістам, так і ўсім тым, хто вывучае беларускую мову.
У прэзентацыі ўдзельнічалі вядомыя дзеячы навукі і культуры Беларусі, члены Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і супрацоўнікі выдавецтва “Тэхналогія”.
7 мая 2012
З 2 мая па 6 мая 2012 г. у рамках адукацыйнай праграмы паміж Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі і Міністэрствам адукацыі Эстонскай Рэспублікі галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Іванаўна Падліпская і намеснік галоўнага рэдактара Марыя Антонаўна Кныш наведалі гарады Тарту, Талін, Пярну.
Пад час паездкі адбыліся сустрэчы і круглыя сталы ў Міністэрстве адукацыі Эстонскай Рэспублікі, Тартускім дзяржаўным універсітэце, Цэнтры прафадукацыі, дзіцячым садку, гімназіі г. Тарту. Таксама адбылося знаёмства з прадстаўнікамі беларускай дыяспары “Лад” г. Пярну.
Кіраўнікі “Роднага слова” прэзентавалі эстонскім калегам нумары часопіса, зборнікі паэзіі і выдадзены ў “Родным слове” 1-ы том кнігі Анатоля Статкеквіча-Чабаганава “Я – сын Ваш”; абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва, абмяняліся вопытам.
25 красавіка 2012
Выйшаў у свет 4-ы нумар часопіса "Роднае слова".
Літаратура і час. 
Нумар адкрываецца гутаркай галоўнага рэдактара “Роднага слова” Зоі Падліпскай з пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім, галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. Мікалай Трус працягвае расповед пра бацьку Максіма Багдановіча Адама Багдановіча. Іван Саверчанка разглядае спадчыну Максіма Багдановіча з пункту гледжання інтэлектуальнасці і мастацкай вытанчанасці. Віктар Жыбуль адкрывае імя забытага паэта 1920-х гг. Янкі Валасевіча. Алена Бармоціна даследавала гістарычныя драмы Уладзіміра Караткевіча, а Ігар Шаладонаў – экзістэнцыяльную прозу Юрыя Станкевіча. “Роднае слова” прапануе чытачам новую рубрыку “Беларуская літаратура XXI стагоддзя”. Першы яе артыкул падрыхтаваў Алесь Бельскі – «“З песень і сонечных сноў”: Лірыка Міхася Башлакова». Нямецкі кантэкст у творах Алеся Разанава разгледзелі Алег і Віктар Ярцы.

Раздзел “Мовы рысы непаўторныя”. Пятро Жаўняровіч на прыкладзе твораў Уладзіміра Караткевіча асвятляе праблему “загаловак і рэдактар”. Друкуецца заканчэнне артыкула Васіля Старычонка “Балтызмы ў беларускай мове і народных гаворках: Семантычны і терытарыяльны аспекты”. Міхаіл Макарэвіч выступае з даследаваннем “Руская мова як адна з крыніц фарміравання беларускай промыславай тэрміналогіі”. На пытанне “Як скланяецца назоўнік адзёр?” адказвае Алесь Каўрус. Мікола Шабовіч прапануе чарговую падборку аказіянальнай лексікі “Дайлідзіць – жыццявеяць”. Павел Міхайлаў і Святлана Фацеева рэцэнзуюць навуковы даведнік “Беларускае мовазнаўства” (2011) Д. Дзятко і С. Шахоўскай, а Мікалай Прыгодзіч – “Вялікі слоўнік беларускай мовы” (2012) 
Ф.  Піскунова.

У раздзеле “Методыка і вопыт” метадыст аддзела адукацыі Асіповіцкага райвыканкама Вольга Кур’яновіч распавядае пра ўкараненне новай рэдакцыі правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Вольга Праскаловіч пазнаёміць з методыкай вывучэння творчасці Тараса Шаўчэнкі ў дыялогу культур. Святлана Мароз, Марына Ржавуцкая, Таццяна Старасценка працягнуць знаёмства з рознымі відамі дыктантаў (навучальны тлумачальны дыктант), Марыя Літвін прэзентуе факультатыўныя заняткі для ХI класа па тэме “Правапіс галосных літар”, Наталля Рагатоўская прадставіць педагагічную майстэрню паводле сучаснай беларускай паэзіі, прысвечанай Чарнобыльскай трагедыі.
У раздзеле “Калі закончыўся ўрок” Людміла Салянка прапануе сцэнарый пазакласнага мерапрыемства, прысвечанага Дню Перамогі, а Алена Маскевіч – сцэнарый тэатралізаванага прадстаўлення – “Святы Юр’я, устань рана!”

“Нацыянальная і сусветная культура”: Анатоль Статкевіч-Чабаганаў распавядае пра лёс знакамітага генерала-дэсантніка А. Ф. Казанкіна. Любоў Сівурава даследуе прыказкі і прымаўкі як адлюстраванне светапогляду беларускага селяніна. Малады даследчык Ганна Емялёва ў артыкуле “Медыятыўны характар лялькі ў святочнай абраднасці беларусаў” звяртаецца да цікавай старонкі народнага мастацтва. Друкуецца заканчэнне артыкула Эмануіла Іофе “Невядомы Алесь Чарвякоў”, а таксама матэрыял Наталлі Шапран, прысвечаны 180-годдзю з дня нараджэння беларускага мастака Альфрэда Ромера.
26 сакавіка 2012
Выйшаў у свет 3-і нумар часопіса "Роднае слова".
У раздзеле “Літаратура і час” надрукаваны матэрыялы да Года кнігі Ю. Лаўрыка пра прыватныя бібліятэкі праваслаўных іерархаў Рэчы Паспалітай канца ХVI – 1-й паловы ХVII ст. і Алы Петрушкевіч пра новую энцыклапедыю “Максім Багдановіч”.
А. Трафімчык дадаў новыя штрыхі да партрэта Алеся Гаруна, а М. Трус пачне знаёміць з лістамі Адама Багдановіча.
В. Максімовіч на прыкладзе творчасці Янкі Купалы і Максіма Багдановіча распавядзае пра літаратурную класіку як неад’емны складнік нацыянальнай духоўнай традыцыі.
Раздзел “Мовы рысы непаўторныя”.
В. Старычонак пазнаёміў з семантычным і тэрытарыяльным аспектамі балтызмаў у беларускай мове і народных гаворках.
У артыкуле “…Ляжыць мацярык на падкове Дзвіны” С. Лясовіч разгледжаны канцэпт “радзіма” ў паэзіі Сяргея Панізніка.
І. Кавалёва даследуе кампазіты з кампанентам-саматызмам у арыгінале і перакладзе на матэрыяле беларускай і нямецкай моў.
А. Рогалеў расказаў пра паходжанне назваў Рагачоў і Карма.
Раздзел “Методыка і вопыт”.
У артыкуле А. Ермаловіч даецца характарыстыка падрыхтоўчага этапу да напісання сачынення, звяртаецца ўвага на асобныя кампаненты падрыхтоўкі.
П. Лявонава пазнаёміла з рэалізацыяй ідэй М. Лазарука ў літаратурнай адукацыі студэнтаў.
Я. Есіс прапануе карткі-заданні па рамане “Пошукі будучыні” К. Чорнага.
Н. Шандроха ў артыкуле “Спачатку мова самой Радзімы, потым мова суседняга народа” закранае пытанні сучаснай моўнай практыкі.
Раздзел “Нацыянальная і сусветная культура” пазнаёміць з матэрыяламі
Т. Радзько “Мініяцюрная кніга як феномен мастацкай культуры”.
У артыкуле даецца гістарычная панарама ўзнікнення, развіцця і сучаснай практыкі стварэння мініяцюрных кніг, якія ўяўляюць не толькі бібліяфільскую, бібліяграфічную, але і мастацкую каштоўнасць.
Доктар гістарычных навук Э. Іофе прапануе матэрыял, прысвечаны малавядомым старонкам жыцця Алеся Чарвякова, які ў 20-я гг. мінулага стагоддзя шмат намаганняў аддаваў правядзенню палітыкі беларусізацыі.
Больш навiн...

Анонсы

25 мая 2012
Рыхтуецца да друку 5-ы нумар часопіса "Роднае слова".
Раздзел “Літаратура і час”.
 Аспірантка Ганна Серэхан даследуе творчасць польскамоўнага пісьменніка-байкапісца першай паловы XIX ст. Антона Гарэцкага. Адаму Багдановічу прысвечаны артыкул Ніны Гарэлік. Віктар Жыбуль прапануе матэрыял “Формавідзец, вобразапісец, музыкаслоў: Паэзія Язэпа Пушчы ў крытычным асэнсаванні Адама Бабарэкі”. Браніслаў Зубкоўскі піша пра “сацыяльнага прыгодніка” Янку Маўра. Вячаслаў Рагойша падрыхтаваў артыкул да 70-годдзя паэта Сяргея Панізьніка “Ён скарбы творчыць, скарбы адкрывае”. Таццяна Барысюк зрабіла агляд сусветнага сеціва “Што прыдасца літаратуразнаўцу ў інтэрнэце?”. “Марфалогія чарадзейных казак Георгія Марчука” – так называецца даследаванне аспіранткі Людмілы Іконнікавай. Ніна Работа разглядае паэтычны зборнік “У вэлюме завеі” Зоі Падліпскай. Завяршае раздзел рэцэнзія Алеся Карлюкевіча на кнігу Ірыны Шматковай “Наталіцца роднасці святлом...: Агульнае і адметнае ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай”.
Раздзел “Мовы рысы непаўторныя”. 
Васіль Рагаўцоў разглядае каламбуры ў п’есах Уладзіслава Галубка, Алена Багамолава – стылістычныя фігуры, заснаваныя па паўторах. Вольга Арцёмава супастаўляе беларускія і англійскія фразеалагізмы з метрычнай семантыкай. Міхаіл Макарэвіч выступае з даследаваннем “З гісторыі фарміравання беларускай сельскагаспадарчай і прамысловай тэрміналогіі”. Алесь Каўрус піша пра варыянты лічэбніка чацвёрты, чацверты. Ірына Будзько распавядае пра назвы рэлігійных свят Тройца, Сёмуха, Пяцідзясятніца. Друкуецца рэцэнзія Алы Петрушкевіч на “Тлумачальны слоўнік прыказак” І. Лепешава.
У раздзеле “Методыка і вопыт” матэрыялы Д. Паўлаўца, С. Чайковай, Л. Пшанічнай дапамогуць падрыхтавацца да тэсціравання. Ала Ермаловіч разглядае падрыхтоўку да напісання сачынення-апісання прадмета. Галіна Цімафейчык прапануе план-канспект урока па аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Караткевіча.
Раздзел “Нацыянальная і сусветная культура”: Анатоль Статкевіч-Чабаганаў распавядае пра лёс свайго бацькі Васіля Чабаганава, партызана Вялікай Айчыннай вайны, якому ў гэтым годзе споўнілася б сто гадоў. Мастацтвазнаўца Ганна Барвенава аналізуе асноўныя рытуальныя дзеянні з харугвай, сцягам, дзідай, мячом, вадой, адзеннем у эпоху Сярэднявечча. Святлана Сарока даследуе гісторыю Беларускай навучальнай акругі ў інфармацыйнай прасторы Расійскай імперыі першай паловы ХІХ ст. Малады даследчык Ірына Забалотная ў артыкуле “Канцэпт вайны ў кантэксце ўніверсальнага і нацыянальнага” звяртаецца да падзей Першай і Другой сусветных войнаў на тэрыторыі Беларусі. Павел Вайніцкі ў артыкуле “У пошуках персанальнага гарышча” знаёміць з творчасцю беларускіх мастакоў Віктара Зайцава і Аляксандра Балдакова.
Больш анонсаў...